Выдадзены ў 2000 годзе, першапачаткова і ў Францыі раман быў сустрэты амаль суцэльным маўчаньнем прэсы, паралізаванай тэмай-табу. Толькі прэстыжная Le Monde наважылася надрукаваць рэцэнзію.
У цяперашніх дэмакратычных грамадзтвах ёсьць несумненны і прынцыповы інтарэс да правоў дзіцяці, а недэмакратычныя рэжымы ахвотна імі спэкулююць. У гэтых дыскурсах галасоў дзяцей звычайна не чутно. Дадзены твор якраз зьяўляецца сьмелай спробай пачуць дзіця — ягоныя чаканьні, жаданьні і перажываньне наступстваў. Ф. Варжак жадаў і сьцішыць агаламшальныя панікі дарослых, і скінуць завесу крывадушнага маўчаньня, да якога ў дзяцінстве сам быў прымушаны. У выніку паўстаў ласкавы, шчыры, тэрапэўтычны тэкст.
Франк Варжак нарадзіўся ў 1960 годзе ў Францыі. Дзяцінства правёў паміж Нармандыяй і Альжырам. У дзесяць год разам з сям’ёй асталяваўся на поўдні Францыі. Сяньня жыве і піша ў Німе. Акрамя раману L’agneau chaste (Чысты баранок, 2000) выдаў зборнік навэляў L’œuf et le roc (Яйка і скала, 2003) і раман Quentin Lussan (Квэнтэн Люсан, 2016).