Кніга Настассі Панкратавай вяртае ў тэатразнаўчы дыскурс частку тэкстаў, да якіх у Беларусі быў перакрыты — з рознай ступенню поспеху — вольны доступ. У ёй — выбраныя артыкулы, якія выходзілі як у дзяржаўных СМІ, так і на незалежных рэсурсах. Яна дапамагае аднавіць многія падзеі і імёны, якія ўплывалі на развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі. Пасля 2020 года сістэматычная праца айчынных тэатральных крытыкаў парушаная, што добра бачна на прыкладзе гэтай кнігі, дзе аналітычныя матэрыялы апошніх пяці гадоў часцей уяўляюць сабой абагульненні за дванаццаць месяцаў ці вынікі вялікіх фестываляў.
Кніга дапамагае зафіксаваць бягучы момант у тэатральнай гісторыі, запаўняе прагалы, якія з’явіліся пасля падзей 2020 года, аднаўляе фрагменты як біяграфій асобных тэатральных дзеячаў, так і тэатральных працэсаў, якія віравалі ў прафесійнай супольнасці ўсяго колькі год таму.
Гэтае выданне стане дапамогай для даследчыкаў і тэатразнаўцаў, якія будуць вывучаць абазначаны гістарычны перыяд, бо дазваляе пабачыць, якім быў айчынны тэатр да вымушанага расколу і як пасля яго працягвае развівацца па розныя бакі беларускай мяжы.
Настасся Панкратава з 2008 па 2019 год працавала аглядальніцай, рэдактаркай аддзела газеты „Культура“, перыядычна публікавалася ў часопісе „Мастацтва“. Уваходзіла ў кола крытыкаў, якія штогод падводзілі вынікі года ў інтэрнэт-праекце „Тэатральная Беларусь“.
Асноўнай тэмай яе публікацый заўсёды быў нацыянальны беларускі тэатр. Яна неаднойчы акцэнтавала ўвагу на многіх балючых тэмах гэтай сферы мастацтва. За сукупнасць заслуг у 2018 годзе была названая чалавекам года Беларусі ў сферы культуры. У той жа год атрымала дыплом UNESCO за дзейнасць па прасоўванні беларускага тэатральнага мастацтва ў медыя.
З 2019 года супрацоўнічала з рознымі рэдакцыямі, у тым ліку з парталам TUT.BY, часопісам „Мастацтва“, газетай „Белорусы и Рынок“, дзе нязменна пісала пра культуру і тэатр.
З 2022 года знаходзіцца за межамі Беларусі, але працягвае пісаць артыкулы пра тэатр для розных праектаў, выступаць у якасці тэатральнага крытыка ў медыя, а таксама эксперткі па беларускім тэатры для айчынных і замежных культурных арганізацый і ініцыятыў. Прынамсі, пасля ліквідацыі ўладамі Беларускага цэнтра міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек (UNIMA) аднавіла стасункі нашых лялечнікаў з гэтай арганізацыяй. Увайшла ва UNIMA International, рыхтуе артыкулы для World Encyclopedia of Puppetry Arts. Падчас XXIV кангрэса Саюза, які адбыўся ў Чхунчоне (Паўднёвая Карэя), была абраная незалежнай дадатковай дарадцай UNIMA.